МІ́НСКАЯ АБЛАСНА́Я БІБЛІЯТЭ́КА А.С.Пушкіна.
Засн. ў 1899 у Мінску ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння А.С.Пушкіна. Адкрыта 25.12.1900. Ў 1909 ганаровым членам б-кі выбраны Л.М.Талстой. У 1938 атрымала статус абласной. У 1941 мела. 150 тыс. экз. кніг. У Вял. Айч. вайну разрабавана ням. фашыстамі, у 1944 адноўлена. На 1.1.1999 мае: 12 аддзелаў, 4 сектары, 2 актавыя залы, 6 чытальных, разлічаных на 650 чытачоў (агульная, перыяд. выданняў, л-ры па мастацтве, бел. і краязнаўчай л-ры, тэхн. і с.-г. л-ры, замежнай л-ры), а таксама філіял — дзіцячую б-ку імя Я.Маўра; універсальны фонд складае 713 тыс. экз., у т.л. кніг, нот, карт, 710 назваў перыяд. выданняў, выяўл. матэрыялаў, аўдыёвізуальных дакументаў і інш.; больш за 50 тыс. чытачоў. З 1993 дзейнічае электронны каталог. Сярод рэдкіх выданняў камплекты часопісаў «Исторический вестник», «Современник», «Русская мысль», прыжыццёвыя поўныя зборы твораў А.С.Пушкіна, В.А.Жукоўскага, С.М.Салаўёва і інш. Выпускае штоквартальна інфарм. зб. «Бібліятэчны веснік». Супрацоўнічае з культ. цэнтрамі замежных краін на Беларусі. Пры б-цы адкрыта франка-бел. зала інфармацыі, сумесна з ін-там Гётэ (ФРГ) праводзяцца дні ням. культуры, створаны клуб «Кніга і мы». З 1999 працуе Пушкінскі інфарм.-асв. цэнтр, фарміруецца база даных «Пушкініяна», фонд аўдыёвізуальных дакументаў, ствараецца зводны каталог дарэв. выданняў і публікацый Пушкіна і л-ры пра яго. Сумесна з Нац. навук.-асв. цэнтрам імя Ф.Скарыны падрыхтаваны зб. «А.С.Пушкін і Беларусь» (1999).
Н.С.Чуева.
т. 10, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)